Францішак Аляхновіч: “У капцюрох ГПУ”

… у маёй памяцi з усёй падрабязнасьцяй ўваскрасалi сцэны… Мой прыезд у Менск, мае iдыятычнае захопляваньне савецкiм ладам, мае расчараваньнi… I я скрыгатаў зубамi ад злосьцi на сябе самога й на iншых, на тых, хто намаўляў мяне ехаць, хто багаслаўляў мяне на гэтае падарожжа…

Надзеi на вызваленьне няма нiякай. Трэба нешта надумаць. Трэба знайсьцi нейкую саломiнку, за якую можна-б было ўхапiцца. I я надумаў для сябе гэтакую “саломiнку”.

… У думках сваiх заўсёды - стаючы ў чарзе, iдучы на работу, лёгшы на нары - заўсёды я паўтараю адно: “я хачу быць на волi!” I думка мая ляцiць у прасторы, шнуруе, перасякаецца зь iншымi i… раз адзiн, можа, штырхнецца з думкай, якая можа мець уплыў на мой лёс… I робiцца тады гэткi “court schluss…” нешта трашчыць, ламаецца, робiцца нейкi неспадзяваны пераварот у маiм лёсе… Камара ўжо храпла сном зморанага катаржнiка, а я, лежачы на нарах, пераносiўся далёка ад Салоўкаў iз слабой iскрай надзеi, што думка мая, маё гарачае хаценьне здолеюць зрабiць нейкую зьмену ў маiм лёсе.

Летась мне трапiла ў рукi адна надзвычайная кнiжка (Prentice Mulford “Preci smierci”), у якой я прачытаў:

…”Кажная з нашых думак - гэта рэальнасьць,- гэта сiла. Кажная думка - гэта цэгла ў твораным лёсе - злым цi добрым.

Хто ў дадзены мамэнт павiнен жыць у паганай хаце, блага харчавацца, сябраваць зь людзьмi грубымi i някультурнымi, хай бязупынна пратэстуе ў сваiх думках супраць усяе гэтае нядолi! Хай духова жыве ў iншым, прыгажэйшым доме… сярод iншых людзей,- гэты стан ягонае душы сам давядзе яго да чагосьцi лёпшага, без намаганьня, бяз прымусаў…

Будзь толькi багаты духам, фантазiяй i сьведамасьцю, a ўсё гэта прыйдзе… Галоўны настрой цi заняпаду духу, цi трыумфу, у запраўднасьцi стварае ўсе фiзычныя абставiны жыцьця…

“He абмяжоўвай нiколi будучых магчымасьцяў…”

http://txt.knihi.com/alachnovic/index.htm