Свабода слова & слова “свабода”
~ 1 ~
Аднаго разу нехта спытаўся ў карыстальнікаў форума tut.by, што для іх азначае “свабода слова”.
І быў яму такі адказ праз мяне:
Слова мае свабоду і не належыць нікому. Абмежаваць свабоду Слова немагчыма.
Каб Слова не сказалася — зашый ірты сабе або іншым.
Каб Слова не напісалася — сцісні свае кулакі,
завяжы або адсячы рукі іншым.
Заткні вушы сабе або іншым — каб не пачулі Слова.
Заплюшчы вочы — калі баішся ўбачыць Слова.
Каб Слова не ўбачылі іншыя — выкалі ім вочы.
Спалі бумагу, знішчы дыскеты, парві праводдзе — каб не разносілі Слова.Але свабоднае Слова будзе жыць і ўсміхацца.
Можна паспрабаваць адвучыць ад мовы, на якой гаворыць Слова праўды — але з тым, хто яго жадае, яно загаворыць на той мове, якую ён ведае. Ад тых, хто ім грэбуе, або не можа ўцяміць — Слова адвернецца.
Бо Слова мае свабоду-волю і не належыць нікому. Слова само выбірае: праз каго, калі, каму і на якой мове будзе сказана.
Ці праўда, што “Спачатку было Слова” — ня ведаю, бо тады яшчэ не было ні мяне, ні бабулі — а ранейшыя нашы продкі мо’ што і ведалі, ды даўно ўжо памерлі і пра тое нам не сказалі ані слова.
Кажуць, што ў Канцы — Слова будзе абавязкова. У Апошні Час ўсе скажуць адно і тое ж Слова — толькі з розных вуснаў яно прагучыць па-рознаму: “Amen!”, “Om/Aum…”, “ОМОН!” “Come On!”
Па-нашаму, яно прагучыць як “Гамон!”
* — слова “Слова” ужываецца тут зусім не ў эвангельска-прапаведніцкім сэнсе, бо да хрысціянства я не належу. Таксама як панятак “Слова” не належыць адным толькі хрысціянам.
~ 2 ~
Адзін чалавек, убачыўшы адрас svaboda.org на паперцы, якая трапіла да яго ад мяне, ледзь не наклаў у порткі. “Па-ацечаскі” папярэдзіў мяне, што “это опасно! смотри, посадят!”. Бачна, што ўжо другі тыдзень гэтая паперка — спіс адрасоў беларускіх інтэрнэт-газетаў ды агенцыяў (including such zombie-media as sb.by or respublika.info) — не дае яму спакою.
Цікава, як “гэта салодкае слова Свабода” палохае некаторых.
Слова мае свабоду і не належыць нікому. Абмежаваць свабоду Слова немагчыма.