Праблемы з сэрцам
Пайшоў у паліклініку. Зрабілі кардыяграму. Доктарка паглядзела — нейкія шалёныя пікі туды-сюды па паперцы скачуць. Кажа: “відзіма апарат сламаўся! А ну-ка, лажыцеся, давайце-ка яшчо разок здзелаем… Хм.. Тожа самае. Ну ня можэт такіх ліній быць. Точна апарат паламаўсь. Шчас масцера вызаву, можа пачыніць гэтае лам’ё . А пака — вот этыя таблетачкі папейце. Эта — сярдзечнае, а эта — успакаіцельнае. І не валнуйцеся. І целевізар лучшэ не сматріце. Пріхадзіце заўтра да абеда, я вас яшчо раз пагляжу.”
На наступны дзень ён не прыйшоў. Памёр вечарам. Забыўся, што тэлевізар глядзець нельга. Ага. Толькі глянуў адным вокам — а там рэклама такая… як іх завуць… “сацыяльная”… Ага. “Сохраним наши болота - лёгкие Европы”. Бачыў? Там яшчэ музыка такая сумная, буслы над балотамі лятаюць — хоць ты лажыся ды памірай. Ну і во — ў мужыка ад гэтай рэкламы так ужо сэрца сцяла, што тут ён і памёр. Жонка нават у “скорую” не паспела выклікаць.
Ну што, прывязлі у морг. Лёня (паталагаанатам наш) ўскрывае — нада ж паглядзець, што там з сэрцам. Ускрыў і абамлеў — у мужыка сэрца па форме — точна такое, як Беларусь на картах малююць. І бела-чырвона-белае! Зверху, дзе Віцебскае Паазер’е павінна быць — белае, у сярэдзіне — чырвоная паласа, і Палессе — белае. І жылкі ўсе паўздуліся — ну точна як дарогі, чыгунка і трубапровады на карце. А ў цэнтры, дзе Мінск мусіць быць — крывавая дзірачка. І праз яе — знутры — нешта вострае тарчыць.
Ну што, Лёня башку пачухаў… дастаў сэрца і давай рэзаць — нада ж паглядзець, што там такое тарчыць такое. Зрабіў надрэз, расхінуў, а адтуль — хоп! — нешта маленькае і жывое выскачыла. Глядзіць Лёня — а гэта маленькі-маленькі конік. А на коніку — маленькі-маленькі рыцар. Са шлёмам і шчытом — і ўсімі прычындаламі. На шчыце — хрэст шасціканечны. А ў правай руцэ — дзіда. Ну точна як раней на паспартах і на грашах карцінка была. Як яе… “ахота”?… Ага, “пагоня”.
Ну, Лёня апомніўся трохі, толькі хацеў схапіць коніка — а вершнік яго дзідай ў руку - тыц!— як скальпелем! Скокнуў на пол — ды пад шафу з інструментамі. Колькі Лёня не шукаў — не знайшоў.
З тае пары Лёня піць кінуў. Папрасіў у суседкі-настаўніцы падручнік па гісторыі , вечарамі сядзіць — вывучае. Патрабуе называць сябе Лявонам. Газеты чытае — каторых у кіоску не прадаюць. Так што, таварыш маёр, не здзіўлюся, калі хлопец яшчэ і ў апазіцыю запішацца. Нада нешта рабіць — а то прападзе хлопец! Можа спачатку ячэйку БРСМ падключым, а потым ужо… ?…
[далей запіс неразборлівы]