* * *
не музыка разгортваецца ў часе, а мы разгортваемся, праплываем паўз яе, кружымся па спіралі вакол нерухомага цэнтру, якім ёсць яна.
менавіта таму хочам зноў і зноў слухаць любімую музыку, “вяртацца да яе” - бо так мы спрабуем апынуцца там, дзе мы ўжо ніколі не будзем, яшчэ раз прайсці нейкі шлях - мабыць па-іншаму - убачыць нешта, што не заўважылі раней.
мы цячэм паўз камяні-рытмы-маякі-гукі, якія адзначаюць-адцінаюць моманты і перыяды жыццяплыні.
бы прывіды - праходзім скрозь гукі, няздольныя ухапіць-затрымацца.
можам толькі сачыць-дакранацца, вадзіць паўпразрыстымі пальцамі слыху па ўзорах-разломах, шурпатых тэкстурах.
ёсць целы-рытмы, ў якія хочаш інкарнавацца.
а ёсць гукі-духі, што часова ўцелаўляюцца ў цябе.