Custom Meditation Techniques. #1
Раскажу пра тэхнікі мэдытацыі, якімі раз-пораз карыстаюся.
Адразу адзначу, што не належу ні да якой рэлігіі. На светаўспрыманне значна паўплываў буддызм, толькі мэдытацыяй “па-буддысцку” не займаюся — заплесці ногі лотасам для мяне не праблема, але хутка пачынае балець спіна. Таму асноўная тэхніка рэлаксацыі \ мэдытацыі — слуханне гіпнатычнай манатоннай музыкі, лежучы на ложку. Але пра гэтае як-небудзь другім разам. Зараз пра іншае:
#1 “Мантра ўдзячнасці”
Узімку 2000 я здаваў “дзяржаўныя іспыты”. Экзамен прайшоў лёгка, галава была ясная, усё, што трэба было ўспомніць — успомніў. Аднагрупнік пажартаваў — “што, Будда дапамог?” Мо’ і Будда, а мо’ і Крішна — падрыхтоўцы надта спрыялі сэансы мэдытацыі пад дыск Tony Scott & Collin Walcott “Music For Yoga Meditation and other joys” [1968] — а там музло як раз пра Крішну (”Hail Krishna”).
З экзамену вяртаўся з пачуццём радаснай палёгкі, свяціла яркае сонца, зіхацеў і паколваў вочы снег. У гэтым лагодна-ўдзячным настроі ў галаве ўзніклі словы:
Спасибо Всему, Что Есть, За Всё, Что Есть
Дзякую Ўсяму, Што Ёсць, За Ўсё, Што Ёсць
Пазней прыдумаў, як можна выкарыстаць гэтую фразу ў нечым накшталт крышнаіцкай джапа-мэдытацыі. Есць ў мяне пацеркі з 36 драўлянымі бусінамі. І вось якім чынам 11 складоў гэтай мантры кладуцца на 36 костак.
По-русски:
спа-си-бо-все-му-что-есть-за-всё-что-есть 11 спа-си-бо-все-му-что-есть-за-всё 9 спа-си-бо-все-му-что-есть 7 спа-си-бо-все-му 5 спа-си-бо 3 ~ раз ~ 1 … … спа-си-бо-все-му-что-есть-за-всё-что-есть 11 спа-си-бо-все-му-что-есть-за -всё 9 спа-си-бо-все-му-что-есть 7 спа-си-бо-все-му 5 спа-си-бо 3 ~ девять ~ 1 … … Итого в каждом круге по 36 слогов-бусин. На последнюю бусину приходится порядковый номер цикла
Па-беларуску:
дзя-ку-ю-ўся-му-што-ёсць-за-ўсё-што-ёсць 11 дзя-ку-ю-ўся-му-што-ёсць-за-ўсё 9 дзя-ку-ю-ўся-му-што-ёсць 7 дзя-ку-ю-ўся-му 5 дзя-ку-ю 3 ~ адзін ~ 1 … … дзя-ку-ю-ўся-му-што-ёсць-за-ўсё-што-ёсць 11 дзя-ку-ю-ўся-му-што-ёсць-за-ўсё 9 дзя-ку-ю-ўся-му-што-ёсць 7 дзя-ку-ю-ўся-му 5 дзя-ку-ю 3 ~ дзевяць ~ 1 … … Усяго па 36 складоў на круг. На апошнюю костку прыпадае парадкавы нумар цыклю.
Кантроль за канцэнтрацыяй ажыццяўляецца вельмі лёгка — памылку адчуваеш адразу, уласнымі пальцамі: калі на апошнюю костку не прыпаў нумар чарговага цыклю — значыцца, збіўся. Такі памылковы цыкль не залічваецца і яго трэба пачынаць спачатку.
Вельмі зручна гэткай мантра-мэдытацыяй займацца ў транспарце. Я гэта часта раблю ў аўтобусе, на якім еду да бабулі ў вёску. Гудзе стары рухавік, гамоняць ды шапацяць пасажыры — вясковыя бабы і маладзіцы, смяюцца дзеці, нешта балбочыць радыё, сонца мільгае між дрэваў — міжволі апынаешся у трансе.
Хаця, сама па сабе вандроўка ў гэтым аўтобусе — глыбокая мэдытацыя. Колькі ў ім нарадзілася кавалкаў вершаў і сюжэтаў недапісаных апавяданняў — не пералічыць! Адных эсэ пра здарэнні ў гэтым самым аўтобусе на добрую кніжачку можна было б назбіраць. Але пераважна ўсе яны ў гэтым аўтобусе і засталіся — бо з чароўнага аўтобуса выходзіш у іншы свет, з іншай галавой. З нешматлікіх праектаў, што зарадзіліся ў гэтым trance_партным сродку і ўсё ж былі рэалізаваныя, — сайт з бабулінымі ўспамінамі ды кароткая эмбіент-замалёўка — Son staroha autobusa.
Дзякую Ўсяму, Што Ёсць, За Ўсё, Што Ёсць… і вам за вашую ўвагу. Працяг будзе.