Чорныя вочкі

У сям’і аднаго ліквідатара
нарадзілася дзяўчынка Алеся —
прыгажуня белавалосая.
Толькі вочкі як гудрон чорныя.

Ды ня простая тая дзяўчыначка -
у арганізме ў яе мутацыі,
бо удзельнічаў яе татачка
у Чарнобыльскай ліквідацыі.

Вочкі чорныя яе - небяспечныя,
нібы Чорныя Дзіркі касмічныя.
Увап’юцца рэнтгеннымі зрэнкамі —
усю душу з чалавека высмакчуць.

Чалавек пражыве яшчэ трошачку
(мо’ тры дні, а мо’ і тры месяцы),
ды памрэ, як травінка ссохлая,
бо душа не рэгенеруецца.

Акушэрка, што роды прымала,
стала першай ахвярай дзяўчыначкі.
Выхавацелька з дзетсадзіка,
тож памёрла заўчаснаю смерццю.

Не адразу бацькі даведаліся,
што Алеська мае сілу магутную.
Як даўміліся — схамянуліся,
павязлі дачушку да лекараў.

Ды ня далі ім рады лекары,
акадэмікі ды экстрасэнсы.
Некаторыя самі загінулі
паглядзеўшы ў вочкі бяздонныя.

Толькі бабка адна — шаптуха,
зазірнуўшы ў бездань чорную,
здрыганулася — але здолела
утрымаць сваю душу ад пагібелі.

І сказала бацькам: — Калі хочаце,
каб Алеська людзей не гробіла,
то купіце ёй лінзы кантакныя
ізумрудна-зялёнага колеру.

Накладу я на іх заклінанне,
ды настойку дам спецыяльную —
хай кладзе ў яе на нач лінзы.
А ўдзень хай заўсёды ў іх ходзіць.

Вёска з той пары супакоілася —
не хаваюцца ад Алесечкі
ні сяброўкі, ні хуліганы,
ні вясковае баб’ё языкастае.

Як убачыце дзяўчыну бялявую
з незвычайна зялёнымі вочкамі
не пытайцеся “ці сапраўдныя” —
не крыўдуйце дачку ліквідатара.

Каментаванне забаронена.