Паралелі

Пару тыдняў таму прачытаў у інтэрнэце, што, сярод дзесяткаў і соцен іншых, арыштаваны Мікалай Разумаў з Воршы. Нібыта за “абразу галавы дзяржавы” ці нешта падобнае, а насамрэч - ў якасці прэвентыўнай меры. Ого, падумаў я. Гэта ж трэба — пры кожнай уладзе саджаюць!

Крымінальная справа за абразу Лукашэнкі заведзеная на аршнца Мікалая Разумава. Яго вінавацяць, што 24 лютага на сустрэчы Мілінкевіча з выбарцамі Разумаў публічна зьвінаваціў Лукашэнку ў датычнасьці да забойстваў палітычных апанэнтаў — Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара. У Менску над Разумавым правялі псыхіятрычную экспэртызу.

Калі хто ня ведае, ў пачатку 1990-х Мікалай Разумаў быў лідарам аршанскіх рабочых, старшынёй прафкама аднаго з буйнейшых аршанскіх прадпрыемстваў — Інструмэнтальнага заводу. Мой бацька — быў яго намеснікам. У красавіку 1990 адбылося знакамітае блакаванне чыгункі, пра якое бацька расказвае, што “нас бы там усіх і перастралялі калі б не стаялі паўсюль цыстэрны з палівам — увесь “чыгуначны вузел” згарэў бы нафіг “.

На пачатку 1990-х гадоў Мікалай Разумаў быў вядомым апазыцыйным лідэрам. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам адбылася беспрэцэдэнтная акцыя пратэсту аршанскія рабочыя выйшлі на рэйкі, патрабуючы глябальных рэформаў у дзяржаве. У апошнія гады Разумаў не праяўляў ніякай палітычнай актыўнасьці.

За тыя страйкі Разумава судзілі — памятаю, па БТ нават паказвалі рэпартаж з судовага працэсу. Ну і акрамя судоў праблемаў у іх усіх было мноства — і тэлефоны праслухоўвалі, і збівалі. Праўда, хлопцы былі такія, што маглі і “здачы даць” — Ворша горад “раёншчыкаў”, там і да боек з арматурай і роварнымі ланцугамі звычныя. Бацька кажа, многа кдб-шнай сволачы ад яго па рэбрах атрымала — бо ведаў “прыёмчыкі”.

Flashback: Лета 1991

У жніўні 1991-га, калі мне было 13, адбылася цікавая гісторыя. Як звычайна на канікулах, прыехаў да бацькі ў Воршу. Аднаго разу пытаецца: “Паедзеш з намі ў Мінск? Коля Разумаў едзе на прэс-канфэрэнцыю. Паехалі!” - “Паеду!”

Ну што, селі ў цягнік — і паехалі. Разумаў, мы з бацькам і яшчэ пару чалавек. У маю сумку паклалі відэакамэру “Панасонік М7″ і праводдзе ад яе — бацька выконваў функцыі прафсаюзаўскага апэратара, а прэс-канфэрэнцыю лідэра трэба было абавязкова засняць для сваіх “завадскіх”. Мяне ажно пёрла ад пачэснасці таго, што дазволена несці торбу з камэрай :) Па тых часах гэта быў нейкі касмічны апарат, 18 тыс.руб. каштавала - дзве легкавушкі можна было купіць.

Прыехалі ў Мінск. Памятаю смешны момант - у мэтро мужыкі смяяліся, абмяркоўвалі нейкі сюжэт з прагрэсіўна-дэмакратычнай перадачы “Крок” — нешта там было пра прапанову перайменаваць нашую рэспубліку ў Злучаныя Штаты Беларусі, ці скарочана — ЗаШыБу.

Зайшлі да аднаго прафсаюзнага дзеяча (як зараз бы сказалі па БТ “так называемого оппозиционера”), а потым накіраваліся ў нейкі будынак на Нямізе, дзе мелася адбыцца канфэрэнцыя. Прыйшло чалавек 15-20 - журналістаў і іншых прафсаюзнікаў. Я нават выканаў адказную працу — дапамог падключыць кабелі ад відэакамэры. (Потым, калі касэту глядзелі, смешна было бачыць, як я сяджу з “важным и умным лицом” - нібы які юны карэспандэнт “Пионерской Правды” :))

Што там пыталіся журналюгі ў дзядзькі Колі Разумава — не памятаю. Акрамя аднаго пытання. Нехта спытаў: “Мікалай, вы маеце вялікую падтрымку не толькі сярод аршанскіх, але і бадай ўсіх беларускіх рабочых. А што калі б вам прапанавалі стаць прэзідэнтам Беларусі?”

Улічыце, што, хоць у 90м і была прынятая дэкларацыя незалежнасці, яшчэ быў Савецкі Саюз — усяго некалькі месяцаў таму на ўсесаюзным рэферэндуме Народ прагаласаваў за яго захаванне. Ні пра якіх прэзідэнтаў “незалежнай Беларусі”, здаецца, ніхто сур’ёзна ня марыў — хіба што жартам, як пра тое ЗаШыБу. Да першых прэзідэнцкіх выбараў было яшчэ тры гады. І тут такое пытанне.

Разумаў адказаў штосці накшталт: “Ну, калі людзі падтрымаюць, калі яны гэтага захочуць, палічаць мяне вартым — чаму не?”

Пасля канфэрэнцыі зайшлі яшчэ на памінкі - памёр нехта з прафсаюзных таварышаў. І накіраваліся назад у Воршу. Выхадны дзень — білетаў на цягнік “не было”, але праблема імгненна вырашылася, калі ў акенца касіра ткнулі камэру: “Зараз во заснімем, як вы не даяцё білетаў тым, хто за вашыя правы змагаецца!”. У цягніку быў прыкол: нейкі пьяненечкі мужык спыніўся ля мяне і нешта замармытаў - ці то прыкурыць папрасіў, ці грошай. Я не паспеў зразумець, бо бацька, які, здавалася, крэпка спаў — імкліва і мякка схапіў мужыка за руку, некуды там націснуў і пьянтос скруціўся літарай “зю” і потым ціхенька пайшоў прэч. Гэта было крута!

А наступнай раніцай быў яшчэ большы прыкол: “Путч ГКЧП”. (Той самы, пра які хадзіў анекдот: “Где вы были в ночь с 19 по 21 августа 1991 года?”). Пачалася нейкая мітусня: у кватэру прыносілі мікрафоны, ўзмацняльнікі, калонкі — рыхтаваліся да мітынгу ў “падтрымку дэмакратыі і Ельцына”. Мітынг быў на плошчы Леніна. Дэмакратыю падтрымалі.

Праз пару дзён вярнуўся дадому, ў Горкі - трэба ўжо было да навучальнага году рыхтавацца. Пэўна летнія гэтыя падзеі паспрыялі - але я нешта занадта для 13-гадовага хлопца стаў цікавіцца палітыкай. Газеты чытаў уважліва, асобныя артыкулы збіраў у “Папку для малявання”. А падзей цікавых стала чым далей — тым больш: кірдык Савецкаму Саюзу, стварэнне СНД, прыняцце ў якасці сімволікі супэрскіх Бел-Чырвона-Белага сцягу й Пагоні і г.д.

Flashback: 19 сакавіка 2006

Гадзіну таму праехаліся на машыне — па вымерлых, як пасля атамнага выбуху, вуліцах — правялі рэкагнасцыроўку. Зараз пешшу ідзем з таварышамі на Кастрычніцкую плошчу. У левай кішэні джынсаў прахалода: мокрая насоўка ў поліэтыленавым пакеце — на выпадак газавай атакі. Нейкае ўзрушанне прысутнічае — яшчэ б, пачуўшы, што спэцназаўцы тэлефануюць жонкам “сядзіце дома! нам выдалі боекамплект”, цяжка застацца цалкам спакойным.

Паварочваем ад Нямігі ў бок плошчы Свабоды, падымаемся на прыступках — і я ўспамінаю той жнівень 1991 — бо недзе тут мы йшлі на Разумаўскую прэс-канфэрэнцыю. Але куды канкрэтна — не памятаю. Расказваю пра гэта спадарожнікам. Слава, які з канца 80-х не прамінуў ні адной буйной акцыі, кажа: “А, дык гэта вы вунь туды хадзілі — там тады быў офіс “Стачкома”. А Разумава — ведаю. Чым ён зараз займаецца?”

Адказваю, што, Мікалай зараз фэрмэр ці нешта накшталт гэтага — і, здаецца, палітыкай больш не займаецца. (А таго ня ведаю, што і ён будзе арыштаваны — “на ўсялякі выпадак, па старой памяці”).

Якая іронія: гэтыя людзі змагаліся за “правы рабочых” пры савецкай уладзе, арганізоўвалі, штурхалі гэтае чалавечае балота. Нечага дамагліся - “завадчанам” трохі падвысілі заробак. Тыя супакоіліся, “абмяклі”. А ўжо праз год-паўтара “палажылі з прыборам” на сваіх былых лідэраў. Калі кіраўніцтва выкінула з завода і Разумава, і майго бацьку — не заступіліся. Памятаю, бацька сказаў: “Выкінулі, як прэзэрватыў”. Вось такая яна — беларуская “Салідарнасць Трудзяшчыхся”. Потым былых “прафсаюзнікаў” гадамі нікуды не бралі на працу, нават вартаўнікамі - бо “актывісты, бэнээфаўцы”.

Самае сумнае (ці смешнае?) - некаторыя змагары-прафсаюзнікі проста па-дзіцячаму пракалоліся з Лукашэнкам. Думалі: “Гэта ж наш — пралетарый! Ён свой, ён гэтую “краснапузую” камуняцкую сволач паставіць на месца!”. (Ня ведаю, мне і ў 16 год было зразумела, што гэта нейкі, мякка кажучы, “дзіўны дзядзечка” і звязваць з ім нейкія ружовыя надзеі - дурасць.) Гэтак жа, як арыштоўвалі іх тады, “пры саветах” — арыштоўваюць і зараз - тых, хто яшчэ жывы. Што змянілася? КДБшнікі сталі большветлівымі? Ці сцяг прыгажэйшым? Ці людзі — пралетарыі ды моладзь, якія, замест таго, каб злець — ўсё больш быдлеюць?

Карацей кажучы, калі пачытаў, што Разумава ўзялі - з аднаго боку здзівіўся, а з іншага - не здзівіўся. Бо гэтага можна было чакаць. Зарана яны ўсе тады, у пачатку 90-х расслабіліся. Трэба было яшчэ хоць крышачку паактыўнічаць, не страчваць імпульс, не рассейваць энэргію — “дадавіць савецка-камуняцкую гідру”, каб зараз спакойна “почивать на лаврах”, фэрмэрствам займацца, ці яшчэ якім бортніцтвам. Бо, пасля мутацый, імплантацый, інвэстыцый і апгрэйдаў, “гідра” значна памацнела, а народныя масы… гм.

p.s. Калі распавёў маці гэтую гісторыю (”жнівень ‘ 91 - сакавік ‘ 06, “паралелі”, кандыдаты на прэзідэнты й наіўныя спадзяванні змагароў за правы рабочых”) — яна доўга смяялася. Кажа, “я памятаю, што ты з бацькам тады ездзіў, але неяк асабліва не ўдумвалася — чаго й навошта. Ну, зараз зразумела, чаго ты так у гэтую палітыку лезеш — спадчыннасць, гены…”. Аповед мо’ й варты ўсмешкі — толькі горка-іранічнай. Казка ніфіга не “ложь” і ў ёй нават большчым “намёк, добрым молодцам урок”.

Не расслабляцца!

Пакінуць каментар

Вам трэба увайсці, каб пакінуць каментар.