Размеркаванне

(казка для студэнтак пятага курса)

***

Вучылася адна дзяўчынка ва ўнівэрсітэце — на эканамістку. На пятым курсе, як гэта звычайна бывае, было ў іх размеркаванне. І размеркавалі дзяўчынку на адно прадпрыемства — не малое і не вялікае, не беднае і не багатае — звычайнае такое дзяржаўнае прадпрыемства.


Толькі, казалі, дырэктар на тым прадпрыемстве трохі не звычайны, “са страннасцямі”. З выгляду — звычайны такі мужчына — не малады і не стары, не худы і не тоўсты. Толькі вочы нейкія страшнаватыя, позірк нібы галодны. Хадзілі чуткі, што “собеседование” з усімі маладымі спецыялісткамі ён праводзіць асабіста. І патрабуе, каб кандыдаткі прыходзілі да яго ў маечках караценькіх, ці ў топіках — каб пупок і пузіка былі бачны. А праз некалькі месяцаў, а то й раней, тыя маладыя спецыялісткі — бухгальтаркі ды эканамісткі — паміралі немаведама з якой прычыны.

Ой як не хацелася дзяўчыначцы ісці на гэтае прадпрыемства! Але ж нічога ня зробіш— адкасіць нельга, па блату куды-небудзь уладкаваць бацькі яе таксама не змаглі. Яна ўжо была згодная ў калгас пайсці працаваць, але дырэктар гэты сам на размеркаванні быў — і, як убачыў яе, як пагартаў залікоўку, як пачытаў характарыстыку, — адразу сказаў:

” — Прыходзьце да нас, Алена Бацькаўна! Дзяўчына, вы, гляджу разумная, характарыстыка ў вас добрая. Зарплата ў нас не тое каб вялікая — але й не маленькая, праца не дужа лёгкая — але й не цяжкая, калектыў не тое каб цёплы — але й не надта варожы. Вельмі вы нам патрэбны! Прыходзьце — мы вам пакойчык у інтэрнаце дадзім!” — і дэкану галавой кіўнуў, вокам падміргнуў (”Бяру!”).

Дзяўчыначка перапалохалася. Што рабіць — ведаць ня ведае. Па начах ня спіць, удзень ня есць, на дыскатэку ня ходзіць — усё пра размеркаванне думае. Але што ж тут зробіш! Або ідзі працаваць куды сказалі — або плаці дзяржаве за ўсе гады навучання.

У мамы яе ад жалю сэрцайка ажно разрываецца. Як убачыць сваю кравіначку гаротную — слязьмі заліваецца. І дачушачка ўсё плача: “Мамачка даражэнькая, не хачу па размеркаванню! Баюся я дырэктара гэтага ! Не хачу йсці да яго ў маечцы, не хачу ісці ў кароткім топіку, не хачу каб бачыў маё пузіка!”

Плакалі-плакалі маці з дачкой, але ж рабіць нешта трэба. Пайшла маці да сяброўкі Галі, з якой разам у тэхнікуме вучылася. Зараз Галя ня проста Галя — а дэпутат гарсавета. Добрая, мудрая жанчына, заўсёды дапаможа і старому — і малому, і студэнту — і ветэрану, і беднаму — і багатаму, і хвораму — і здароваму.

Прыйшла да яе маці і кажа: “Так і так, памажы нам, Галя! Баіцца мая дачушка да гэтага дырэктара ісці! Падкажы, што рабіць нам з дачушкаю?”

Задумалася дэпутат Галіна Сяргееўна. Доўга думала, тры алоўкі згрызла, тры кубкі кавы выпіла. Урэшце — ўсміхнулася: “Дапамагу я табе і дачушцы тваёй. Ідзі, Надзька, дамоў — не турбуйся. А дачушку — да мяне паклікай.”

Прыйшла дзеванька да Галіны Сяргееўны. Тая кажа ёй: “Ня бойся, Алёначка, ня бойся прыгажунечка — нічога ня зробіць табе той дырэктар. Апранай самы прыгожы топік, самую прыгожую спаднічку — ды смела ідзі на прадпрыемства. І за пузік-пупок — не хвалюйся. Дам я табе калечка з дыямантам — ўставіш у пупок заместа гэтага свайго пірсінгу. Усё будзе добра, вось пабачыш!”

Вось прыйшла дзяўчыначка на прадпрыемства — у новенькім прыгожанькім топіку, у новенькай спаднічцы. У сумачцы дыплом маладой спецыялісткі ляжыць, а ў пупку — новае калечка зіхаціць.

— Добры дзень, Александр Сямёнавіч! — кажа дырэктару дзеванька.
— Добры дзень, Алена Бацькаўна! — усміхаецца ў адказ дырэктар, а сам на яе маладое пузіка глядзіць, ажно вока бы дыямант зіхаціць:
— Ну што, садзіся, расказвай — як жывеш, чым захапляешся?

Гаворыць — а сам пінжак здымае, кашулю распліквае, пуза валасатае пачэсвае, да дзяўчыначкі набліжаецца. Бачыць дзяўчыначка — а з жывата дырэктарскага, дзе пупок — расце нібы нейкі шланг! Доўгі — мо’ паўмэтра, а мо’ й мэтр. А дырэктар усё ўсміхаецца, да дзяўчыначкі набліжаецца, да яе маладога пузіка — кішкой гэтаю страшнаю цягнецца. Закрычала наша дзяўчыначка: “Памагіце! ратуйце!! мамачка!!!” Закрычала — ды адключылася — такі страх ахапіў няшчасную.

Загручэлі тут дзверы-вокны, заляцелі ў кабінет хлопцы моцныя — ў камуфляжы ды ў чорных масках. І скруцілі яны дырэктара, ды надзелі на яго наручнікі. А адзін — малады, прыгожы — падыйшоў на дзяўчынкі і кажа: “Вось і ўсё, Алена, скончылася! Больш ня прыйдзецца вам баяцца. Абязшкодзілі мы дырэктара — павязем яго ў ізалятар. Дзякуй вам, дарагая Алена ад ўсяго ўпраўлення нашага! Каб не відэа-камэра ў пірсінгу — не схапілі б мы злачынцу гэтага!”

***

Доўга йшло следства, ці коратка — а на чыстую ваду вывелі гэтага гада-дырэктара. Аказалася — не чалавек ён — а засланец з дальняй галактыкі. І ня еў ён каўбасу “Доктарскую”, і ня піў ён піва “Рэчыцкае” — харчаваўся маладымі дзяўчынкамі, смактаў сокі з іх маладых пузікаў. Перадалі яго нашы Органы навукоўцам — дзеля даследванняў. Што з ім сталася — невядома. … А дзяўчыначка зараз — дырэктарам!

Каментаванне забаронена.