Лех Валенса: “Беларусь будзе вольнай!”

Справаздача крыху запозная, але раней не было часу на інтэрнэт.

У пятніцу 19 траўня, *цалкам выпадкова* трапіў на сустрэчу Леха Валенсы з жыхарамі і гасцямі Кракава, якая ладзілася ў пабе “Пад Яшчурамі”. На працягу двух гадзінаў Валенса адказваў на пытанні.

Сустрэча мела назву “Навошта нам тое было?” і большасць пытанняў датычылася таго, як Валенса ацэньвае цяперашнюю сітуацыю ў Польшчы, ці варта было змагацца з камунізмам, ці задаволены ён вынікамі рэформаў, ці ўсё задуманае атрымалася рэалізаваць, ці падабаюцца яму цяперашнія польскія кіраўнікі і наогул пра “Салідарнасць”. На жаль, дыктафону з сабой не было, таму цытаты даю па памяці.

Пытанні часам былі даволі вострыя - асабліва калі які-небудзь дзядулька казаў, што пры камунізме не было такой беспрацоўнасці і “моладзь ня ездзіла ў Англію па хлеб”. Валенса адказваў: “Хай ня ўсё яшчэ добра. Але, ці мела калісьці Польша магчымасць выбару, столькі шанцаў на развіццё - ў якім хочаце напрамку, столькі свабоды - і ўсё гэта без усякай вайны ці крывавых пераваротаў?” - па людзях было бачна, што не пагадзіцца з гэтым яны ня могуць.

Сярод іншага, Валенса расказаў некалькі цікавых баек, напрыклад пра размову з Міхаілам Гарбачовым:

“Аднойчы, ўжо пасля развалу СССР, я спытаў ў пана Гарбачова: ці здрадзіў пан камунізму, ці не? Пан Гарбачоў адказаў, што ня здрадзіў і наогул не хацеў разбурыць камуністычную сістэму. Хацеў толькі “адрамантаваць”. Але ж, кажу, няўжо пан не разумеў, што камунізм - нерэфармавальны, што яго немагчыма рамантаваць - можна толькі разбурыць. Пасля гэтага пан Міхаіл пакрыўдзіўся і не захацеў працягваць размову”

Зразумела, мне захацелася спытаць штосьці пра Беларусь. Мінут 20 размахваў рукамі, пакуль нарэшце далі мікрафон. Калі сказаў, што з Беларусі - усе павярнуліся паглядзець на жывога беларуса :) Пытанне было прыкладна такое:

“Зараз у нас на Беларусі прыкладна такая сітуацыя, якая была ў Польшчы ў 70-80 гадах. Можа дасьцё якую-кольвек параду маладой беларускай апазіцыі? Як перамагчы рэжым?”

Валенса адказаў, што беларусам трэба вучыцца на досведзе польскай “Салідарнасці”, але не паўтараць яе памылак.

“Вам, беларусам, значна цяжэй,” — сказаў ён, — “бо на вас вельмі моцна цісне Расея. Трымайцеся, змагайцеся, і будзьце гатовы да таго, што як толькі пачнеце “варушыцца”, то і Расея “заверне гайкі”, і рэжым стане яшчэ больш жорсткім. Але Беларусь усё ж стане вольнай. Трэба яшчэ крышачку пачакаць. Вось Польшча ўстане на ногі - і зможа вам больш дапамагчы. Еўрапейская Унія таксама трохі ўладкуецца пасля пашырэння - і зможа надаць больш увагі Беларусі. Але, я ўпэўнены, - Беларусь будзе вольнай!”

Хацелася б паразмаўляць больш, асабліва пра памылкі польскай “Салідарнасці”, якіх нам трэба пазбягаць - але фармат сустрэчы быў ня вельмі здатны для разгорнутых дыскусій.

Дарэчы, датычна польскага досведу і беларускай сітуацыі, цікавыя рэчы расказваў Богдан Кліх, на чыёй лекцыіі ў Instytucie Studiów Strategicznych пабываў раніцай таго ж дня. (гл. наступны пост).

[ Абмеркаванне тут ]

Каментаванне забаронена.