Богдан Кліх: “Першыя вынікі трохгадовай працы”

Так ахарактарызаваў узрастанне цікаўнасці да Беларусі з боку Еўрапейскай Уніі старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях с Беларуссю Богдан Кліх, пад час сваёй сустрэчы з моладдзю Беларусі, Украіны, Польшчы, Малдовы і Калінінграду.

Сустрэча адбылася 19 траўня ў Інстытуце Стратэгічных Даследванняў, прызідэнтам якога з’яўляецца Кліх.

Па яго словах, да 2004 года беларускае пытанне, калі і стаяла на “павестцы дня”, то было далёка не сярод прыярытэтных — цікаўнасць была нават не “medium”, а “low”. Гэта зразумела, бо “на павестцы” шмат іншых сур’ёзных для Еўропы пытанняў — ад сітуацыі вакол Косава, да праблемаў агульнаеўрапейскай Канстытуцыі.


Пасля рэферэндуму 2004, дзякуючы высілкам “беларускага lobby” у еўрапейскіх структурах (”сяброў Беларусі”, як назваў іх Кліх), увага да Беларусі стала больш сур’ёзнай. Калі перад апошняй перадвыбарчай кампаніяй цікаўнасць еўрапейскіх палітыкаў да адзінага кандыдата ад апазіцыі, Аляксандра Мілінкевіча, была яшчэ даволі стрыманай, то пасля падзеяў сакавіка 2006, пачалася “канкурэнцыя” за магчымасць першым сустрэцца з Мілінкевічам — нібыта ён быў прывабнай “маладой лэдзі”. (*)

Што да канкрэтных вынікаў працы Еўрапейскай Уніі па падтрымцы грамадзянскай супольнасці і ізаляцыі рэжыму, Кліх адзначыў, з аднаго боку, дамоўленасць па адукацыйным праграмам (стыпендыі беларускім студэнтам), з другога боку — санкцыі супраць рэжыму — забарона ў’езду беларускіх чыноўнікаў, замаражванне банкаўскіх рахункаў. Па словах сп. Кліха, сябры Беларусі ў Еўрапарламенце, таксама як і многія беларусы, хацелі б, каб “чорны спіс” быў значна шырэйшым. Але і такія — даволі сімвалічныя — дзеянні з боку ЕУ ўсё ж маюць вялікую значнасць, бо сведчаць аб выразнай пазіцыі ў адносінах да беларускіх уладаў.

Адным з галоўных дасягненняў ён назваў тое, што зараз ужо не існуе значных бар’ераў паміж рознымі еўрапейскімі структурамі, якія так ці йнакш займаюцца беларускай тэматыкай - Еўрапарламентам, Еўракамісіяй, Радай Еўропы. Зараз узаемадзеянне паміж еўрапейскімі палітычнымі структурамі больш эфектыўнае, аператыўнае і непасрэднае, чым некалькі год таму.

Богдан Кліх пракаментаваў праблему падтрымкі заходнімі краінамі NGO у краінах з аўтарытарным рэжымам — такіх як Беларусь. Ён адзначыў неэфектыўнасць падыходу, якога трымаецца Еўракамісія. Сутнасць гэтага падыхода ў тым, што каб мець падтрымку, арганізацыя мусіць быць зарэгістраванай адпаведна заканадаўству сваёй краіны — гэта тлумачыцца неабходнасцю “празрыстасці і кантролю з боку Еўракамісіі”. Але ў варунках палітычнай сітуацыі Беларусі, выкананне такога прынцыпу “празрыстасці” зробіць дзейнасць NGO практычна немагчымай.

На думку Кліха, амерыканскі падыход, які не патрабуе рэгістрацыі NGO і яго дзейнасці адпаведна з патрабаваннямі недэмакратычных рэжымаў — значна большкамфортны для грамадскіх арганізацый. А праблема “празрыстасці” і кантролю можа быць вырашана і больш простымі сродкамі. Тут сп. Кліх узгадаў 70-я годы, калі ён удзельнічаў у польскім супраціве. Ён падкрэсліў, што не збіраецца даваць\навязваць парады беларускім актывістам, але, дэмакратычны рух Беларусі мусіць усё ж вырашыць дылему: падпарадкоўвацца патрабаванням рэжыму (”рэгістрацыя НДА”), ці дзейнічаць незалежна ад яго. Сітуацыя невырашанасці, невызначанасці, калі дзейнасць вядзецца часткова ў рамках патрабаванняў рэжыму, а часткова - “падпольна” — не можа быць асабліва эфектыўнай.

Польскі супраціў, сказаў Кліх, таксама сутыкнуўся з гэтай дылемай у 70-х. І арганізацыі вырашылі не падпарадкоўвацца рэжыму, “сысці ў падполле”. І гэта дала плён - хутка была разгорнута сетка шматлікіх арганізацый, якія перш за ўсё займаліся распаўсюдам інфармацыі. Стварэнне такой сеткі было б немагчыма, калі б арганізацыі ўвесь час “азіраліся на рэжым”.(**)

~ ~ ~

* — паўстае пытанне: калі так цяжка і доўга ішла “раскрутка” адзінага кандыдата, то да чаго прывядзе магчымы “Кангрэс Дэмсілаў 2″ - на якім можа адбыцца змена Мілінкевіча на Лябедзьку. Усю “раскрутку” і “прома-туры” прыйдзецца пачынаць спачатку? Проста “Еўрабачанне” нейкае будзе…

** — на наступнай лекцыі, для іншай групы слухачоў Кліх расказаў вядомы анекдот \ факт пра тое, як дабрасумленна беларускія дэманстранты чакаюць зялёнага святла на светлафоры. Здзіўленыя польскія студэнты зрабілі выснову, што з такой “законапаслухмянасцю” рэвалюцыі беларусам прыйдзецца чакаць яшчэ доўга.

Абмеркаванне тут

Каментаванне забаронена.