Дрэва скаргаў і пажаданняў

За ракой, у лесе — паміж полем, дзе быў хутар бабулінага дзеда і дзіцячым домам, які спалілі немцы — ёсць адно дрэва дзіўнай пароды. Альха — не альха, асіна — не асіна, бяроза — не бяроза, ляшчына — не ляшчына.

Яно выконвае прыкладна такую ж функцыю, як слупы, на якія лепяць абвесткі “прадаю-купляю-шукаю”. Толькі абвесткі на гэтым дрэве — не для людзей.

Калі нехта мае нейкае моцнае жаданне, вялікую мару — і не можа іх здзейсніць сам, то звяртаецца па дапамогу да гэтага дрэва. Калі хто мае вялікае гора, якога хоча пазбавіцца, ці забыцца — таксама ідзе да яго.


Не раней за Купалу — і не пазней за Прачыстую, трэба прыйсці да дрэва і нагледзець сабе нейкі з яго лістоў. Потым — сказаць адмысловую замову:

Я, (Імя), адзіны з табою.
Карані мае — спляліся з тваімі
Сокам сястры тваёй, Бярозы, напоены.
Сокам брата твайго, Клёну, напоены.
Мёдам сястры тваёй, Ліпы, ускормлены.
Плоццю Яблыні-сястры ускормлены.
Цяплом сёстраў-братоў тваіх грэюся.
У сасновай хаце жыву - ў дубовай труне пахаваюць. […]

Пасля трэба выказаць сваё жаданне і папрасіць каб Дрэва з Ветрам перадалі яго “куды трэба”:

Памажы мне, дрэўца роднае,
Перадай маю просьбу Ветру —
Хай нясе да ўсемагутнага Неба. […]

Потым трэба ўзяць сухі пруток, або сасновую йголку — і напісаць на лісце сваё імя — кроўю з левай рукі.

На тваём лісце
сваё імя
не вадой пішу —
смалой чырвонаю. […]

Ці будзе тваё жаданне выканана, можна даведацца, паглядзеўшы, ці застаўся на дрэве “твой” ліст. Некаторыя лісты застаюцца на ім нават узімку — самотна вісяць бы забітыя падпольшчыкі, аж пакуль іх не схавае свежая веснавая лістота. Апошні тэрмін “разгляду заяваў” — самая доўгая зімовая ноч. Калі пасля яе твой ліст застаўся на дрэве — значыць жаданне не здзейсніцца. Тады — або забудзься пра тое, што прасіў, або паспытай шчасця наступным летам.

Калі перадумаў і хочаш адазваць сваё “хадатайніцтва” — абарві свой лісток, ды спалі ў печы. Чужыя ж лісты рваць — бяду наклікаць.

***

Гл. таксама: Сон 09.08.1998

***

p.s.

На самой справе, няма такога дрэва ў нашым лесе — я ўсё выдумаў. Навошта? Ведаць ня ведаю. (ішоў аднойчы дамоў; убачыў на слупе абвестку; здзівіўся: дужа ўжо нязручнае месца, няўжо нехта ўбачыць яе тут, абарве кавалачкі паперы, дзе накрэмзаны тэлефон? хіба толькі вецер. )

Гэтае “выдумлянне” дала два прыемных “экспірыенсы”:

1. Калі сачыняў замову (менавіта два першых радкі) — даволі моцна “торкнула” — “мурашы” па скуры і г.д.). Так бывае, калі раптам чуеш\ робішноты\гукі, якія нібыта “чуў да нараджэння”\”твае” — ну і ў іншых сітуацыях “рэзанансу”.

2. Наступнай ноччу быў добры сон: восень, цёпла, крыху пахмурна або проста блізіцца надвячорак — але сонца недзе недалёка, за спінай, за дрэвамі. Гэта нейкі парк. Вецер — моцны, цёплы і пругкі — абрывае лісце з дрэў , “ўцягвае” іх у цёмна-сіняе неба. Нават не абрывае — а яно само імкнецца да нейкага магніту, як кавалачкі паперы да наэлектрылізаванай далоні. Лісце нібы “падае ўверх”.

Каментаванне забаронена.