А яшчэ ў нас ёсць адно возера…
А яшчэ ў нас ёсць адно возера
У суседняй вёсцы — за лазняю.
Не прыроднае — калгас выкапаў
Там дзе гай шумеў партызанскі.
Кажуць, там баі былі страшныя,
Што ўвесь гай быў разрыты акопамі,
Што загінула там шмат хлопчыкаў —
І фашыстаў, і партызанаў.
Кажуць, ёсць на самым дне возера
Таямнічая дзірка-яміна —
Тонкай плёнкай вады мёртвай
Бы люстэркам яна накрытая.
І туды не цячэ вада з возера —
Быццам дзіркі няма, а дно роўнае.
А затое ў ёй людзі губляюцца —
Камбайнёры ды механізатары.
Кажуць, яміна та — ня яміна,
А вароты ў краі райскія
Што патрапіць туды не кожны —
Толькі той, хто душою чысты.
Старшыня калгасу аднойчы
Захацеў гэты факт праверыць —
Загадаў спусціць ваду з возера,
Запрасіў навукоўцаў з Мінску.
Многа рыбы яны назбіралі,
Кульціватар знайшлі, сеялку.
Толькі брамы ў краі райскія
Адшукаць у іх не атрымалася.
Мо’ часова закрылася яміна,
Каб начальства ў рай не патрапіла.
Але ж кажуць там зноў губляюцца —
І даяркі, і дзеткі-выдатнікі.
А ці праўда тое — ня ведаю,
Бо ў возеры тым не плаваў.
Хто душою чысты — праверце,
Ды нам з раю дашліце звесткі.