Ёсць у раёне ў нас адно возера…
Ёсць у раёне ў нас адно возера
Невялічкае, непрыкметнае.
Называюць яго людзі — Рыбнае,
Бо ў ім вельмі многа карасікаў.
Залятаюць на яго кожнай восенню
На шляху сваім ў краі паўднёвыя
Птушкі-лебедзі белакрылыя
Са сваімі малымі дзеткамі.
Залятаюць — ды прыпыняюцца,
Бо на возеры дужа хораша:
Зіхаціць вада ў промнях сонечных,
Кормяць хлебцам дзеткі-чарнобыльцы.
Адляцелі ўжо даўно ўсе пярнатыя
У далёкі край, дзе няма снягоў.
А лябёдушкі — ўсё на возеры…
Ды і восень быццам спынілася!
Хутка дзетачкі-лебедзянятачкі
Апрануцца ў бела пер’ейка,
Падужэюць, наллюцца сілаю —
Паляцім далей у краі паўднёвыя.
Бо на гэтую зямлю гасцінную
Хутка выпадзе пер’е нябеснае
І прытулак наш, наша возера
Да вясны пад ільдом схаваецца, —
Гэтак думалі тата з мамаю,
Ды глядзелі на малых усцешана.
Але возера мела думкаю
Не пусціць лебядзей да выраю.
Зацягнула яно неба хмарамі,
Закруціла віхуры снежныя,
Замарозіла сям’ю лябёдушак,
Праглынула, ды ільдом накрылася.
Бо не простае гэта возера,
Што калгаснікі завуць Рыбнае.
Ведаюць звяры, дрэвы ведаюць:
Імя возера — Лебядзіная Смерць.
Невялічкае, непрыкметнае,
Са спакойнай вадой цёплаю
Кожнай восенню яно падманвае,
Заве ў пастку новых вандроўнікаў…
Гэты псеўда-фальклёрны эпас нарадзіўся ў мяне ўчора пад час чарговай гуманітарнай экспедыцыі да бабулі ў вёску. Маршрут праходзіць ля Панкратаўскага возера, дзе і ў гэтым годзе былі лебедзі - 5-6 шэрых птушанят і бацькі. У мінулым годзе таксама былі - даўно ўсе птушкі адляцелі куды трэба, а гэтыя нешта затрымаліся. Мо таксама паляцелі б - ды побач пасёлак “чарнобыльскіх перасяленцаў” - дзеці, ды і дарослыя прыкармілі хлебам ды ласункамі. Кожнаму ж цікава паглядзець на прыхожых птушак. Так яны і плавалі да снегу - а на Дзень Студэнта, 17 лістапада, такі мароз знянацку напаў, снегу наваліла… 2 ці 3 студэнты ў раёне замерзлі. Ну і лебедзі, пэўна, таксама. Прынамсі, ніхто з пасялковых жыхароў іх не выратоўваў (ды і куды дзець вывадак лебядзіны?).
І ў гэтым годзе тож прынесла іх нейкая хвароба на гэтае ідыёцкае возера (ды і не возера гэта - “искусственный водоём”). І зноў тое самае: птушкі плаваюць, дзеткі пасялковыя бегаюць да возера з фотапаратамі, а ў аўтобусе кожны - нават самый даход-алкаш - ажно свеціцца, як вывадак пабачыць. Напісалі людзі ў газету, у “Рэгіянальныя Ведамасці” - “што рабіць з птушкамі? як выратаваць? бо хутка зіма - загінуць”. Там нейкая экалагічная інспекцыя сказала, што нефіг прыкармліваць птушам, бо заапаркаў тут няма і ратаваць іх ніхто не будзе.
Ну а ўчора ехалі - возера пустое. Ці паспелі адляцець да маразоў? Бо на возеры быў ужо і лёд - гэта зараз зноў адліга. Ніхто нічога не ведае - кажуць, хутчэй за ўсё загінулі (ад марозу), або хто шыі пазвярнуў. Было такое ўжо пару год таму: на другім возеры тож лебедзі “зазімавалі” - дык прыехалі нейкія хлопцы з Воршы, голавы адкруцілі ды ў мех. Во і ўся “зашчыта жывотных”.
А што да казкі - каля паловы тэксту выдумаў яшчэ ў аўтобусе.