Rada BNR & Asimov’s Foundation

Неяк гартаў старонкі сайта Рады БНР. Пачытаў статут, паглядзеў на добрую ўсмешку Івонкі Сурвіллы і падумалася: уся гэтая гісторыя з купкай людзей, што ў выгнанні захоўваюць нейкую традыцыю, у (марным?) чаканні, што прыйдзе час— і яны змогуць перадаць гэтую каштоўнасць беларусам на Беларусі — усё гэта нагадвае кранальна-рамантычны сюжэт з мноства фантастычных твораў.

§4. Асноўная мэта і заданьне Рады БНР — перахаваньне і выкананьне волі беларускага народу‚ выказанай у Акце 25 Сакавіка 1918 г.‚ а гэта — адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх беларускіх землях усімі магчымымі і даступнымі спосабамі і дарогамі.

Сюжэт па-галівудску стандартны:

Родную планэту захапілі Aliens. Жменька выгнаннікаў уратоўваецца на іншай планэце, дзе захоўвае нейкую каштоўнасць — да лепшых часоў. Чакае нагоды вярнуць яе на родную зямлю — якая пра яе і думаць забылася, бо раса захопнікаў добра папрацавала над тымі, хто застаўся — зомбіфікацыя, сэрвілізацыя, дэгуманізацыя, дэзарыентацыя.

Ідзе час, выгнаннікі паступова адаптуюцца да чужой (але ўсё ж-такі не варожай) атмасфэры. Паступова змешваюцца з асяроддзем, глыбей ўрастаюць каранямі ў чужую глебу. Тканіна міфаў аб напаўзабытай роднай планэце губляе фарбы, выціраецца да дзірак, там-сям падлатваецца — але захоўваецца. Паміраюць старэйшыя, а моладзь ужо цьмяна ўяўляе, дзе яна тая Радзіма — і што яна такое. І ўжо няма таго першаснага сапраўднага роду, расы гуманоідаў, часткай якой яны раней былі: мутацыі здарыліся з абедзьвюмя часткамі — і з той, якая засталася на радзіме, і з выгнаннікамі-захавальнікамі Традыцыі. Адна дзеля другой — іншапланецяне.

Адразу ўспомнілася эпапея Айзека Азімава — “Фундацыя” (англ. - Foundation, рус. - Основание, Академия). Там амаль пра такое ж захаванне традыцыі / ідэі да лепшых часоў — праз стагоддзі і тысячагоддзі.

І тут жа я ўспомніў, што мудры Айзек Азімаў, здаецца, паходзіць аднекуль з нашых краёў.

Пашукаў — аказалася, што ён сапраўды нарадзіўся зусім-зусім побач з Амсціславам. Ад нас, калі наўпросткі — кілометраў 80. Да таго ж, ён аднагодак маёй бабы Мані. Розніца ўсяго некалькі месяцаў — бабуля нарадзілася 28.08.1919, а ён 2.01.1920.


Нарадзіўся Айзек Азімаў (Ісак Азімаў, Ісаак Озимов) у Пятровічах — мястэчку, якое ў розныя часы належыла то да Клімавіцкага павету Магілёўскай губерніі, то да Смаленскай губерніі. Зараз Пятровічы — у Шумячскім раёне Смаленскай вобласці Расейскай Федэрацыі.

Карацей кажучы — наш дзядзька, ВКЛ-аўскі.

(Не зусім зразумела толькі, у якой губерніі быў той кавалак зямлі з Пятровічамі пасля лета 1919 — бо Смаленскую вобласьць стварылі толькі 27 верасня 1937. У 1929-м гэта ўжо быў Шумячскій раён, але якой губерніі / вобласці? Гомельскай?)

[…] с сентября 1917 года Могилёвская губерния вошла в состав Западной области, а в январе 1919 стала частью БССР. […] В июне наступление польских легионов заставило советское правительство совершить “рокировку”. Могилёв как губернский центр отдавать интервентам было нельзя, город едва оправился от недавней немецкой оккупации. Власти республики нашли “оптимальное” решение: 11 июля 1919 года Могилёвскую губернию упразднили. Она просуществовала ровно 147 лет и 33 дня. 9 уездов поверженного колосса вошли в состав новообразованной Гомельской губернии, Мстиславский уезд был передан Смоленской, а Сенненский — Витебской. […] Могилёвская область появилась на свет только 15 января 1938 года. По площади она была почти в 2 раза меньше, чем прежняя губерния.

Могилёвщина: Легенды, События, Люди // Курков, Пушкин. - Мн. 2004, с.197-199

У 1923 сям’я Азімавых выехала ў Амерыку. З 1928 Айзек — грамадзянін ЗША. У 1939 -м скончыў хімфак Калумбійскага Ўнівэрсітэту і надрукаваў першае апавяданне “Marooned off Vesta”. Выкладаў біяхімію ў Мэдычнай школе Бостанскага ўнівэрсітэту, прафэсарам якога стаў у 1979.

Цікава, як бы склаўся лёс Айзека-Ісака, калі б сям’я засталася ў СССР?

Ну, хімію ён мог бы вывучаць і зусім побач ад Пятровічаў — у нас у Горках, у Беларускай Дзяржаўнай Сельскагаспадарчай Акадэміі. (Нічога незвычайнага — і зараз хлопцы і дзяўчаты са Смаленшчыны тут вучацца, мой сябар з Дзеснагорску тут вучыўся — а Дзеснагорск той яшчэ далей на ўсход.). Навошта ехаць у Смаленск, ці ў Маскву якую. Выкладаць, займацца хіміяй/біяхіміяй — Азімаў таксама мог бы ў Акадэміі.

Ці перажыла б вайну яго сям’я? Габрэяў у нашай мясцовасці немцы забілі шмат — і ў Горацкім раёне, і ў суседнім Манастыршчынскім. І ў Пятровічах:

У гады Вялікай Айчыннай вайны, Пятровічы не пазбеглі нямецка-фашысцкай акупацыі. Асабліва трагічны лёс напаткаў большасць габрэйскіх сем’яў, якія не змаглі або не паспелі выехаць з родных месцаў.

Ці прыйшоў бы Ісак з вайны жывым-здаровым? Уявім, што прыйшоў бы, вярнуўся б у разбітую немцамі Акадэмію. Атрымаў бы дыплом, абараніў бы кандыдацкую дысертацыю, доктарскую і — цалкам верагодна — прафэсарам тут ён мог бы стаць на 10-15 гадоў раней, чым у той Амерыцы. Узрасціў бы, як кажуць, плеяду таленавітых хімікаў і аграномаў, напісаў бы некалькі манаграфій, меў бы які-небудзь “Масквіч” ці “Пабеду”.

Ці пісаў бы ён?

Думаю, што ўрэшце я б паказаў свае здольнасці і пачаў бы друкавацца. Я, напэўна, змог бы стаць савецкім пісьменнікам-фантастам.

Хацеў бы я пачытаць варыянт Foundation, напісаны не амерыканскім, а савецкім навукоўцам і пісьменнікам Айзекам Азімавым! Вось адзін крытык піша:

“… паняткамі «народныя масы» і «людскія рэсурсы» ён карыстаецца не горш за Карла Маркса, заснавальніка навуковага камунізму. Асобе, індывідуальнасці ў азімаўскіх выкладках няма месца, усё падначалена гістарычнай неабходнасці. […] Летам 2003 году ў газэтах прамільгнула інфармацыя, что Усаму бен Ладэна на пабудову Сусветнай Ісламскай дзяржавы натхніла менавіта “Фундацыя” Айзека Азімава”

А што — “псіха-гісторыю” можна даволі лёгка змяніць на “гісторыю партыі” або на якую “масс-гісторыю”, змяніць ідэалагічную афарбоўку кнігі на камуністычную, а вольных касмічных гандляроў-кантрабандыстаў памяняць на касмічных партызанаў.

Так і ёсць, зараз во раскрыў кніжку наўздагад:

Глыбокія сацыяльныя і эканамічныя працэсы ня могуць знаходзіцца пад уплывам індывідумаў.

&

… гандляры паўсюдна выступаюць ініцыятарамі і інспіратарамі партызанскіх войнаў на захопленых планэтах і ў космасе.

&

… сацыялагічнае паходжанне Імпэрыі робіць немагчымай яе перамогу ў захопніцкіх войнах. Пры моцным імпэратары яна застывае ў паралюшы і палітычныя выбухі на імгненне спыняюцца, але спыняецца і далейшае развіццё.

А якую назву мела б гіпатэтычная савецкая “Фундацыя”? “Партыя”? А мо’ і “Акадэмія”, як часам перакладаюць назву эпапеі на рускую мову.

Мабыць, савецкі хімік Азімаў уклаў бы ў канцэпцыю “Акадэміі” нейкія рысы нашай акадэміі — якая была зачыненая за ўдзел студэнтаў у паўстанні 1863 г., студэнты якой у рэвалюцыю 1905 гінулі на вуліцах горада ад паліцэйскіх куляў, і дзе зараз студэнты набіраюцца не колькі ведаў, колькі навыкаў сацыяльнай мімікрыі й “двоемыслення” — адначасова удзельнічаючы ў БРСМ і клянучы на чым свет стаіць аднаго славутага завочніка нашай Акадэміі.

Але, хопіць фантазій. Добра, што Азімаў трапіў туды, куды мусіў трапіць і напісаў тое, што мусіў напісаць. Яго кніжка пра “Фундацыю” ў свой час дала мне “іншую перспектыву”, навучыла не ўспрымаць так сур’ёзна той маленькі адрэзак гісторыі планеты Зямля, гісторыі Космасу, які мы завем “Сёння”.

Пасля “Фундацыі” міжволі ўспрымаеш усё і ўсіх, як драбнюткія часткі нейкага грандыёзнага працэсу, вынік якога адсюль мы не ўбачым. Як можна ў маштабе Космасу ўсур’ёз успрымаць гуманоідаў — і простых, і насупленабровых “Апошніх Дыктатараў” той часткі кантыненту, што мае імя дзеўкі, якую нібыта скраў Зеўс, перакінуўшыся ў ЗУБРа быка?

Ці можна сур’ёзна адносіцца да спрэчак гэтых гуманоідаў пра мову, на якой лепш за ўсё вывучаць астраномію і квантавую фізыку ды пісаць вершы пра зоркі і космас; пра колер анучак, што вісяць на іхных адміністрацыйных будынках; да іх інфармацыйных войнаў за углевадароднае паліва і супраць паліва атамнага?

Усяго гэтага хуткая не будзе — і будзе ўсё такое ж (і трохі не такое) варушэнне біямасы, якая думае, што яна адзіная, што жыве, і адзіная, што памірае, адзіная што пакутуе, і адзіная, што прагне асалоды, экстазу і гомеастазу. “Інавацыя і паўтарэнне”, мутацыі і рэкамбінацыі. Мо’ і сапраўды мы частка нейкага вялікага плану?

Вярнуся да таго, з чаго пачаў — да Рады БНР і яе касмічнай місіі па захаванню сімвалічнай незалежнасці Беларусі. Цікава, калі і як скончыцца гэтая міссія?

Вось “Наша Ніва”, піша, што ў Гарадзенскім унівэрсытэце прайшла сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў з адным з калабарантаў цяперашнега рэжыму:

Пыталіся ў яго пра Тацяну Хому і пра кантакты з урадам БНР. […] намесьнік міністра […] катэгарычна заявіў, што наша дзяржава з калябарантамі ніякіх кантактаў не падтрымлівала і найдалей не зьбіраецца (гэта пры тым, што старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ў 1944 г. мела восем год).

Напэўна “касмічная місія” Рады БНР скончыцца яшчэ не скора. Не скора яны сядуць у зоркалёт “Пятро Клімук” “Язэп Драздовіч” і вернуцца на родную планэту. Атмасфэра тут яшчэ не тая, ды і Чужыя нікуды не падзеліся — хіба што з-за мутацыяў і бульбяна-шкварачнай дыеты крыху заплылі тлушчам ды сталі крыху млявымі. (ці даўно вас рэнтгенам глядзелі, даражэнькія чытачы? мо’ і ў вашых грудзях каля мяккага сэрца ціха спіць эмбрыёнчык Чужога?).

Напэўна гэта адбудзецца толькі тады, калі ня стане апошніх “так называемых” “калабарантаў” — ані “фашысцкіх”, ані “лукашысцкіх”. Калі не застанецца сведкаў усіх ганебных падзеяў апошняга стагоддзя — тады мо’ і атрымаецца пашыць са старых міфаў нешта новае й трывалае. А не атрымаецца — і хрэн Космас з ім.

На заканчэнне — урывак з Азімаўскай “Фундацыі”. Гандляр-партызан і шляхціч-рэвалюцыянер абмяркоўваюць магчымасць перамогі Фундацыі над Імпэрыяй:

— Ня ведаю. Ня веру, што ўсё скончыцца добра, нібы чароўным чынам. Псіхагісторыя за нас ці не, але ў іх моц, а ў нас яе няма.

— Нічога ня трэба рабіць. Усё ўжо зроблена. Зараз падзеі разгортваюцца. Калі ты і чуеш, што гудуць трубы і грымяць барабаны — нічога не зменіцца.

Спасылкі па тэме:

Каментараў (3) да запісу “Rada BNR & Asimov’s Foundation”

  1. Zołak напісаў(ла):

    Super cikavy tekst! Dziakuj za jaho!

  2. pavel напісаў(ла):

    Čytajcia na zdaroŭje! :)

  3. П'ер Безухер напісаў(ла):

    Danke. :o)