Глядзі за сабой, будзь асцярожным

De te fabula narratur

Жыў-быў адзін змей. І жыў-быў адзін ястраб. Змей вельмі зайздросціў ястрабу, які лятаў высока ў небе. Зайздросціў уменню лятаць, лёгкасці, хуткасці і натуральнасці палёту. Вышыні. Вольнасці.

Зайздрасць пераўтварылася ў злосць, жаданне знішчыць таго, хто ўяўляўся змею сапраўдным уладаром прасторы. Бяссільная злосць пераўтварылася ў атруту. Замест таго каб ахоўваць жыта ад шкодных грызуноў, змей цэлымі днямі ляжаў пад камянём і скрыгатаў зубамі, употай назіраючы за птушкай — якая нават не падазравала, што камусці надазаляе сваёй вольнасцю.

Праходзіў неяк праз тую зямлю стары хітры чорт. На тым тыдні ён як раз меў аблічча сівога чараўніка, таму змей, амаль звар’яцеўшы ад сваёй нянавісці, звярнуўся да яго па дапамогу:

— Дапамажы мне! Я ненавіджу гэтага ястраба, які нахабна лятае паўсюль. Нават ня ведаю, чаго хачу больш — навучыцца лятаць, ці забіць ненавісную птушку…

— Ну што ж, дапамагу, калі хочаш. Выканаю абодва тваіх жаданні. На — з’еж гэты чароўны грыб!

Змей праглынуў сухі грыб — і адразу выцягнуўся, здранцавеў — пераўтварыўся ў стралу з атрутным вастрыём. Чорт жа зламаў гнуткі арэхавы прут, выцягнуў жылу са сваёй левай нагі і прывязаў яе да прута, як цеціву. Атрымаўся лук.

Узяўшы змея-стралу, чорт прыцэліўся і стрэліў у птушку. Атрутная страла трапіла ў самае сэрца ястраба — які нават не паспеў зразумець, што адбылося. Абодва — мёртвы ястраб і змей камянём упалі на зямлю. Змей разбіўся. Чорт — усміхнуўся і пайшоў далей, кульгаючы на левую нагу.

Рэзюмэ гэтага наратыву такое:

Калі ты зайздрослівы гад — то забіся пад каменьчык, ляжы ціхенька ды глытай свае атрутныя слюні. Не спакушай хітрых чарцей. І ня еж незнаёмых грыбоў.

Калі ты хітры чорт — кульгай сабе міма, жуй свае мухаморы ды ня суйся ў чужыя справы.

Ну а калі ты вольная птушка, якой неба для нечага дала крылы — ня будзь разявай, не забывайся паглядаць на зямлю — там дахалеры зайздрослівых гадаў і хітрых чарцей. Слухай песню: Thomas Brinkmann vs. Kino - “Pass auf dich auf (sledi za soboi)”

Каментаванне забаронена.